Поздравляем!!!
Опубликовано: 13 октября 2023 г.
Падведзены вынікі абласнога этапу III Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый». Конкурс аб’яднаў дзяцей, педагогаў, бацькоў у агульнай справе вывучэння, аднаўлення і асэнсавання традыцый і культурных здабыткаў нашай Радзімы.
На конкурс быў прадстаўлены калектыўны праект удзельнікаў узорнага ансамбля народнага танца «Мацейка» ДУА «Сярэдня школа №13 г. Баранавічы», які адзначаны дыпломам I ступені.
Аўтары праекта: Абуховіч Аліна, Кабяк Юлія, Бінда Фаіна, Шылейка Варвара – выбралі прадметам свайго даследавання Баранавіцкі рэгіянальны касцюм. У рамках падрыхтоўкі да праекта вучням удалося знайсці захавальнікаў элементаў мужчынскага і жаночага адзення, пагутарыць з метадыстам раённага Цэнтра рамёстваў аграгарадка Русіно Круцько Кацярынай Аляксееўнай, наведаць раённую бібліятэку вёскі Новая Мыш, звярнуцца да архіўных дакументаў.
Вопыт і вынікі былі прадстаўлены і ў відэароліку, у якім аўтары прадэманстравалі адноўленыя элементы жаночага і мужчынскага адзення.
Дапамагалі ў працы вучням кіраўнік узорнага ансамбля народнага танца «Мацейка» Варашылава Т.І, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Самсонік І.П., якія ажыццяўлялі падтрымку і метадычнае суправаджэнне праектнай дзейнасці.
Работа вучняў ДУА «Сярэдня школа №13 г. Баранавічы» будзе прадстаўлена ў лістападзе на заключным этапе конкурсу праектаў «Нашчадкі традыцый» у горадзе Мінску.